У ДУА «Гатаўскі яслі-сад № 2» адбылося фальклорнае свята «Гуканне вясны».

18.03.2021
Автор: Косякова И.Н.

  Абрад праходзіць пад канец сакавіка − пачатак красавіка, калі канчаецца халодная і доўгая зіма, а на змену ёй прыходзіць вясна, якая нясе людзям цяпло і святло. Каб развітацца з зімой і паскорыць надыход вясны, праводзіцца прыгожы і радасны абрад «Гуканне вясны».

  Звычай праводзіць зіму і сустракаць вясну сыходзіць сваімі каранямі ў мінулае: гэтым займаліся яшчэ язычніцкія продкі беларусаў. Рытуалы, звязаныя з гэтым святам, яны праводзілі да тых часоў, пакуль не трэба было выходзіць на поле і рыхтаваць глебу да сяўбы. З прыходам на беларускія землі хрысціянства свята часта стала супадаць з царкоўным святам Благавешчанне.

  Ключавой фігурай свята з'яўляецца бусел. Месца святкавання выбіраецца прасторнае і светлае, усё навокал упрыгожваецца стужкамі, рознакаляровымі папяровымі птушкамі, вырабамі з каляровых нітак, тканін і прыродных матэрыялаў. Самаробных птушачак мацавалі як мага вышэй, каб тыя птушкі, якія паляцелі восенню на поўдзень, хутчэй іх заўважылі. Таксама ўпрыгожваліся хаты, садовыя дрэвы, гаспадарчыя пабудовы. Да галінак прывязвалі яркія стужкі. Гэта сімвалізавала цвіценне. Продкі верылі, што дрэвы могуць «заразіцца» яркасцю і жывасцю стужак і хутчэй раскрыюць свае пупышкі. Традыцыйна пякліся «буські» − невялікія птушкі са звычайнага цеста (мука, вада, соль). Буські раскладваліся ў акрузе, каб таксама прыцягваць увагу птушак, якія, згодна павер'ю, прынясуць вясну на сваіх крылах.

   «Гуканне вясны» з'яўляецца не толькі яркім, але і музычным святам. Адзначалі яго ўсім нашым дзіцячым садком, спачатку спявалі песні-вяснянкі. У іх вясна ўяўлялася маладой і прыгожай дзяўчынай, якую клікалі прыйсці на зямлю, прынесці цяпло і ўрадлівасць. А таксама прасілі сонца, каб хутчэй прагрэць зямлю. Кожная песня заканчвалася гучным заклікам: «Гу−у−у−у−у!».

  Яшчэ адным знакавым момантам святкавання «Гукання вясны» быў карагод які ўяўляўся бясконцым кругаваротам жыцця і вечнай маладосці. Яго круглая форма сімвалізавала  сонца. У ім таксама зазывалі вясну.

  Акрамя песень і карагодаў правялі некаторыя народныя гульні.  Самым галоўным было − паказаць вясне, што на зямлі добра. I гэта галоўная для яе прычына, каб хутчэй прыйсці.

  «Гуканне вясны» − яркае і самабытнае народнае свята, якое да нашых дзён захавала сваю натуральнасць і жывасць.